АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,

арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял. акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)